ГО́МЕЛЬСКАГА ПЕРАСЫ́ЛЬНАГА ПУ́НКТА ПАЎСТА́ННЕ 1916,
найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-та РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.Ф.Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.
Э.М.Савіцкі.
т. 5, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)